Паазёрскі ўлоў: Паставы-гарадок, Камайская крэпасць, таямнічыя Швакшты
Маршрутка спыняецца на галоўным пляцы каля брамы праваслаўнага храма святога Мікалая 1894 г. пабудовы, з якога мы і пачалі нашае знаёмства з горадам. У вочы кінулася не столькі убранне і знадворнае аблічча храма, колькі велізарны галубіны кірмаш на купалах з боку задняга фасада. Птушкі яўна аблюбавалі прастору зверху. Думаю, нездарма: з такіх вышынь адкрываўся б шыкоўны выгляд на воднае люстэрка і планаванне ўсяго места.
Назва горада Паставы мае агульны корань з літоўскім словам Pastovis, што азначае "стабільны", "устойлівы", "пастаўлены". У Літве ж можна сустрэць некалькі азёр з падобнымі імёнамі. У сярэднія вякі горад не меў развітую гандлёва-транспартавую лагістыку, аднак усё змянілася з прыходам роду Тызенгаўзаў. Абвясціўшы гэтыя землі радавым маёнткам, стараста гарадзенскі і падскарбнік ВКЛ Антоній Тызенгаўз пачаў адкрываць у мястэчку розныя вытворчыя мануфактуры. Быўшы першакласным фінансістам і рэфарматарам, яму атрымалася ператварыць Паставы ў адзін з буяных цэнтраў культуры і гандлю княства. У горадзе з'яўляецца гандлёвы пляц з хатамі рамеснікаў барочнага стылю, якія фарміруюць суцэльны архітэктурны ансамбль. І, нягледзячы на ўсе ператварэнні часам, у гэтым месцы і дасёння адчуваецца самабытны дух і паважнасць.
Каб зразумець, чым жыве горад, трэба прынамсі зрабіць дзве рэчы: схадзіць у краязнаўчы музей і пагутарыць з мясцовымі. Паставы — горад кампактны: у крокавай даступнасці мы знайшлі і тое, і іншае. Агульная экспазіцыя музея знаходзіцца ў цэнтры места ў будынку былой гасцініцы (пл. Леніна, 11/2). У той жа час, горад можа пахваліцца яшчэ адной музейнай экспазіцыяй, што знаходзіцца ў будынку былога палаца Тызенгаўза (сёння тут размешчана цэнтральная рай. бальніца; вул. Савецкая, 73).
У цэнтральным музеі пануе атмасфера ўтульнасці: відаць, што за ўсімі экспазіцыямі з трапятаннем наглядаюць, а некаторыя з іх, такія як аддзел прыроды на першым паверсе, яўна ствараліся рукамі неабыякавых мясцовых жыхароў. Гістарычная частка экспазіцыі на другім паверсе мае шэраг цікавых стэндаў, у прыватнасці, дэталёва апісваецца антысавецкі рух і польскія вайсковыя фармаванні падчас сусветных войн. Шчыра кажучы, наведванне краязнаўчых музеяў — адносна новы трэнд у нашых вандроўках, і наяўнасць гістарычнай аб'ектыўнасці стала для нас прыемным адкрыццём.
Для мяне Пастаўшчына заўсёды асацыявалася з дыхтоўнай малочнай прадукцыяй. Яшчэ да падарожжа даводзілася чуць, што ў гэтых краях вырабляюць найсмачнае марозіва. У мясцовых вырашылі даведацца, дзе яго можна купіць, але апынулася, што малочны завод не выпускае яго ўжо гадоў як пяць.
Амбіцыйны мецэнат Тызенгаўз усімі сіламі спрабаваў удыхнуць жыццё ў сваё котлішча. Ідэяй-фікс было стварэнне сыраробчага камбіната і малочнай вытворчасці. Валодаючы прадпрыемніцкай жылкай, ён дамогся ў Стася Аўгуста Панятоўскага — апошняга ўладніка Рэчы Паспалітай і па сумяшчальніцтве сябра юнацтва - атрымання швейцарскіх крэдытаў на адкрыццё ў горадзе мануфактурных вытворчасцяў, у тым ліку сыраварні. Новаўвядзеннем для Пастаўшчыны стала таксама развядзенне швейцарскіх кароў малочных парод. Быў наладжаны выпуск янтарнага вяршковага масла, шырока вядомага за межамі мястэчка. Як вынік, Пастаўскі малочны завод абавязаны сваім існаваннем графу Тызенгаўзу, імя якога цяпер носіць фірмовы "зіркаты" сыр.
Увогуле, усведамляючы гістарычны ўнёсак гэтай асобы ў развіццё рэгіёна, неадвольна ставіш сабе пытанне: ці ёсць прыклады беларускіх гарадоў, якія б гэтак жа моцна асацыяваліся з дзейнасцю асобных персаналіяў, як Паставы асацыююцца з дзейнасцю графа Антонія Тызенгаўза? Калі ў цябе ёсць прыклад — пішы ў каментарах!
Час набліжаўся да абеду. Па радзе кіроўцы мы пайшлі ў кафэ "Паазер'е", яно змесцавана на цэнтральным пляцы насупраць храма. Што пэўна варта пакаштаваць, так гэта іх фірмовую мачанку ў збанку! Сытны абед разам з халадніком абыйшоўся ў 4,8 рублі.
Горад стаіць на рацэ Мядзёлцы, на якую літаральна нанізана некалькі азёр і сажалачак, што ўтвараюць сабой маляўнічую гірлянду. Зрабіўшы паўкруг пашаны па адным з сажалак, мы выйшлі да касцёла святога Антонія Падуанскага (1898-1904 гг. збудавання). І калі асобу Антонія Тызенгаўза можна смела назваць культурна-гістарычнай дамінантай усяго рэгіёна, то званне архітэктурнай дамінанты па праве дастаецца гэтаму касцёлу. Гадзіны на вежы-званіцы — першае, на што падае позірк турыста, усё ж нячаста можна сустрэць такі атрыбут на фасадзе касцёла. Адразу ўспомніліся гадзіннік на Фарным касцёле ў Гародні — адзін з найстарых з цяпер дзейных гадзіннікаў Еўропы. Па нашых жа ходзіках можна пазнаць пастаўскі час з дакладнасцю да хвіліны! Сам будынак выканан з цэглы і па стылі належыць да неаготыкі. Асобна варта ўпамянуць арганічнасць элементаў дэкору: захаваныя драўляныя рамы з убудаванымі вітражамі, і, у параўнанні з царквой на цэнтральным пляцы, неблагі зялёны дворык з рознымі архітэктурнымі формамі.
Каля цэнтральнага ўваходу ёсць стэнд з гістарычнай даведкай. Лёс касцёла трагічны і да болю знаёмы. Ён перажыў дзве сусветныя войны, а з 1948 года будынак выкарыстоўвалі ў якасці зернясховішча. Да 1987 года тут месціўся завод радыёкампанентаў "Беліт", які цяпер знаходзіцца ў кіламетры ад касцёла (займаецца перапрацоўкай тэкстыльных вырабаў). Вернікі змаглі адбараніць сваю святыню, і з 1988 года ў храме аднавіліся служэнні. Па інфармацыі на стэндзе, гэта быў першы прыклад перадачы будынка назад у валоданне каталіцкай царквы пры СССР, аднак знайсці гэтаму доказы ў сеціве мне не атрымалася.
Абавязковы да наведвання палацава-паркавы комплекс Тызенгаўзаў, у будынку якога цяпер мясцуецца раённая бальніца. Радавы маёнтак быў пабудаваны італьянскім дойлідам Джузэпэ дэ Сака ў стылі класіцызм у XVIII стагоддзі, аднак па-сапраўднаму важную культурную каштоўнасць сядзіба здабыла ў XIX стагоддзі пры Кастусю, унуку Антонія. Жыццё Кастуся Тызенгаўза ляжала ў дзвюх нівах: арніталогіі і мастацтве. За гады плённай чыннасці ў палацы сабралася велізарная калекцыя птушак (адных калібры — тры сотні!) і карцін з усяго свету. На жаль, чарада войн і далейшых рабаванняў не пакінулі ад гэтых калекцый пустога месца: нешта пайшло на захад, нешта на ўсход... Памяць навукоўца ўшанавана статуяй у атачэнні птушак, а над адным з уваходаў вісіць радавы герб Тызенгаўзаў - чорны буйвал на жоўтым фоне, знак улады і магутнасці, які лепей за ўсё перадае тую самую веліч і ўплыў арыстакратычнай дынастыі, што дамінавала некалькі стагоддзяў на гэтых землях.
Паставы, нягледзячы на ўсё сваё буянства ў гістарычнай рэтраспектыве, здаліся мне мястэчкам вельмі мерным і спакойным, як водная роўнядзь. З задавальненнем вярнуўся б сюды ў снежную пару, парыбачыць у сажалцы з выглядам на велічны касцёл...
А нас ужо чакаў шлях у бок аграгарадка Камаі. Месцячковы аўтаспын апраўдвае ўсе чаканні: праз пяць хвілін мы ловім машыну і на ўсіх парах імчымся да нашай мэты! Увогуле, у гэтым падарожжы нам невымоўна шанцавала, у чым мы змаглі пераканацца няраз. Але пра ўсё па парадку.
У мястэчка Камаі мы ехалі дзеля касцёла Яна Хрысціцеля, аднаго з самых цікавых касцёлаў Беларусі. Найперш, ён адрозніваецца сваёй абароннай архітэктурай, а таксама тым, што гэта адзін з нешматлікіх касцёлаў на тэрыторыі краіны, у якім не спыняліся службы з моманту яго збудавання ў 1606 годзе.
Аскетычны і непрыступны, з выгляду ён хутчэй нагадвае сярэдневечны мацунак, чым касцёл. Поруч з адной з веж развейваецца "Марыйны" сцяг каталіцкай царквы; бадай, упершыню я бачыў гэты сімвал пры касцёле на сталай аснове, а не толькі падчас рэлігійных святаў. У Беларусі існуе ўсяго толькі тры храмы абарончага тыпу (яшчэ два прыклады: храмы ў Сынкавічах і Мураванцы), аднак толькі сценам Камайскага касцёла сапраўды даводзілася трымаць абарону пад націскам суперніка. Больш за ўсё святыні дасталася ад шведаў падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гг., пра што сведчыць умураванае ў адну са сцен гарматнае ядро.
Спачатку вуглы асноўнага аб'ёму будынка былі абмежаваны чатырма абарончымі вежамі цыліндрычнай формы дыяметрам 6 метраў (і гэта пры двухмятровай шырыні сцен!), аднак да нашых часоў захаваліся толькі дзве вежы. Чулі мы і аб унутраным убранні, крыпце з месцамі пахавання ды пышнасці аргана, але на жаль касцёл быў зачынены, і пабываць нам унутры гэтак і не атрымалася. Што ж, цалкам годная нагода прыехаць сюды яшчэ раз. Тым больш, што зараз храм на рэканструкцыі і дзе-нідзе від на будынак зачынен будаўнічымі лясамі.
Каля касцёла стаіць каменны крыж XV-XVI в. з маналітнага гранітнага каменя вышынёй 2,5 метра. Характэрнае тое, што крыж мае трохкутную нішу для распяцця і напісы на позналацінскай мове, дагэтуль не расшыфраваныя. Каля парафіяльнага дому 20-х гг. збудавання (цяпер тут засядае мясцовы лясгас) змесцаваны невялічкі помнік каталіцкаму святому Губерту, апекуну паляўнічых і ляснікоў. У нагах святога замірана разлёгся алень, у якога паміж рог узвышаецца крыж. Так-так, гэта той самы алень, што і на гербе горада Горадні. Мабыць, паляўнічы промысел, што так шанаваўся гарадзенцамі ў сярэднія вякі, быў ў пашане і ў гэтых краях.
Мы абзавяліся правізіяй у краме, і з гэтага моманту пачалася пешая частка нашага падарожжа. Для стаянкі з намётам былі абраны азёры Швакшты, якія знаходзяцца ў 10-12 кіламетрах на поўдзень ад Камаяў. Па-першае, ніхто з нас раней не ведаў пра існаванне гэтых азёр. Па-другое, заінтрыгавала назва. Для бадзёрага кроку ўключылі правераную часам паходную класіку: старыя альбомы Крамбамбулі і Лявона Вольскага. Між паплавамі ды вёскамі, па балотцах ды палях, у выдатным месцаванні духу мы ўсё ж вынырнулі да нашых азёр. Вялікія ды Малыя Швакшты злучаны міжсобку воднай пратокай і ўтвараюць адну з пяці азёрных груп Нарачанскага рэгіёна. Проста так падступіцца да вады не ўяўляецца магчымым: берагавая лінія забагнена і пакрыта густым пластом расліннасці. Азёры ставяцца да катэгорыі эўтрофных, а значыць, яны багатыя на арганічныя адклады па тыпе сапрапеляў. Такія адклады выкарыстоўваюцца як угнаенне ў сельскай гаспадарцы, а таксама ў якасці альтэрнатыўнай крыніцы энергіі шляхам вымання з іх метану. Добра б такія азёры час ад часу праветрываць і амалоджваць: і прырода, і чалавек - усе б у плюсе засталіся. Ужо чаго-чаго, а гэтага дабра ў нашых азёрах навалам!
Па паўднёвым беразе Вялікага возера праходзіць мяжа Менскай і Віцебскай вобласцяў. Цяжка цяпер сказаць, у якой вобласці па выніку мы кінулі косткі, аднак, праз пару кіламетраў бадзянняў уздоўж беражка, мы такі знайшлі прыдатную стаянку пад бівак. Бераг ужо аблюбавала кампанія рыбакоў. Мы пажадалі ім добрага вечара і пайшлі шукаць камфортнае мястэчка. З імі пазнаёміліся крыху пазней гэтым жа вечарам: аказваецца, на Швакштах яны ўжо чацвёрты раз, а самі прыехалі са Смаргоні. Здавалася б, тут у акрузе з паўсотні азёр, хочацца ж, падзі, у розных парыбачыць, але не... Падабаюцца Швакшты - і ўсё тут.
Праз нейкі час да нас дайшло, што мы заўтра таксама накіроўваемся ў Смаргонь!.. Слова за слова, і вось мы дамовіліся, што зранку паедзем адной вялікай кампаніяй. Звезла так звезла - нічога не скажаш! Тымчасам Паазер'е накрыла зорнай заслонай. Нейкі час мы ўсе проста маўчалі, гледзячы то ўвысь, то ўдалеч. З упэўненасцю ў заўтрашнім дні, мы развіталіся з нашымі суседзямі і пайшлі на драўляную прыстань - услухоўвацца ў цішыню.
Ноч прайшла на "ўра": не холадна, не горача. Спалі як забітыя, хоць, прызнацца, спачатку нам перашкаджалі нейкія матацыклісты... Я злічыў гэта такой адмысловай праявай стомленасці, але не - суседзі пацвердзілі, што на світанку нехта наярваў тут колы. Каму ўздумалася ўсю ноч катаць на байках па брудзе? Навошта ўначы?? Што гэта за дзіўныя мотааматары? Гэтыя пытанні засталіся для нас адкрытымі. Зрэшты, не варта так з гарачкі судзіць пра чалавека і яго захапленні. Сярод маіх сяброў хапае і тых, якія злічылі б прыгоду з начлегам да невядомых азёр дзіўнай.
Сціпла паснедаўшы, мы пайшлі заваёўваць мясцовыя вышыні. Яшчэ ў прыцемках мы змецілі невялічкі ўзгорачак непадалёк ад возера. Выгляд з яго абяцаў быць што трэба. Мы ўскарабкаліся наверх, дзе выявілі пагорак. Здавалася б, пагорак, і пагорак - што ў нас, пагоркаў у краіне мала? Але гэта быў ня проста пагорак, а Партугальскі пагорак. Так-так, усё дакладна - партугальскі. Такі паварот падзей нас злёгку выбіў з каляіны. Краявіды, безумоўна, прыгожыя, вока ня адарваць і ўсё такое... Але вось да такога мы дакладна ня былі гатовы... У нашых новых знаёмых, якія добра ведаюць гэтыя месцы, мы атрымаць абгрунтаванняў не змаглі. "Значыць, была паляна, турысты спыняліся. Потым гэты пагорак з'явіўся, а чаго Партугальскі - незразумела... Мы так гэта месца цяпер міжсобку і клічам". Ужо не маглі мы выказаць здагадку, што пасля гэтага падарожжа застанецца столькі пытанняў без адказу. Belarus misterious, дый толькі.
Апоўдні наша дружная кампанія выехала ў бок Смаргоні. Шлях пралягаў уздоўж доўгага возера Свір праз аднайменнае мястэчка. Бонусам зірнулі на Мікалаеўскі касцёл 1653 года пабудовы. Па гэтак значнаму аб'ёму будынка можна выказаць здагадку, што ў былыя часы мястэчка грала не апошнюю ролю ў гэтым рэгіёне. За ўсю дарогу да Смаргоні сустрэлася толькі адна машына ў нашым напрамку... Толькі развітаўшыся з нашымі новымі сябрамі, мы ў поўнай меры асэнсавалі, наколькі буйна нам з імі пашанцавала.
Паўтара дня вандравання выдаліся вельмі насычанымі, і на Смаргонь месца ўжо папросту не хапіла. Дзеля прыстойнасці вырашылі наведаць касцёл Св. Міхала Арханёла пачатку XVII в. На вуліцы была спёка, а ў халадку скляпенняў прыемна і свежа. Мы перавялі дух і, прыслухоўваючыся да імшы, пачалі аглядаць сабор. Унутранае ўбранне выканана вельмі стрымана. Адразу бачна адсутнасць алтарнай часткі касцёла. Як апынулася, першапачаткова будынак будаваўся ў якасці кальвінісцкага сабора, дзе апсіда не прадугледжваецца. Задні фасад упрыгожвае адзінокая вежка абароннага тыпу. У параўнанні з вежамі Камайскай крэпасці, гэтая, хутчэй, была выканана з меркаванняў эстэтычных, чымсі для сапраўднай абароны.
Тымчасам мы, стомленыя і культурна адукаваныя, былі зусім гатовы ехаць у Менск. Фінальным акордам шанцавання ў нашым падарожжы стала гудагайская электрычка, якая з хвілі на хвілю павінна была прымчаць да станцыі "Маладзёвы". Вось гэтак і атрымваецца, што вязе таму, каго вязуць!